Выстава пад адкрытым небам «ЛЕ КАРБЮЗЬЕ: МІНСКАЕ РЭХА»


З 11 ліпеня 2025 года ў двары Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага пачынае працу выстава пад адкрытым небам «ЛЕ КАРБЮЗЬЕ: мінскае рэха».

Выстава падрыхтавана ў рамках XVI Нацыянальнага фестывалю архітэктуры, прысвечанага 90-годдзю Беларускага саюза архітэктараў, і арганізавана сумесна з Музеем гісторыі горада Мінска па ініцыятыве і пры падтрымцы Пасольства Францыі ў Рэспубліцы Беларусь і Пасольства Швейцарыі ў Рэспубліцы Беларусь.

Ле Карбюзье – адзін з выдатных архітэктараў XX стагоддзя, які стаў наватарам у галіне архітэктуры свайго часу і прадстаўніком інтэрнацыянальнага стылю. Сапраўднае імя архітэктара – Шарль Эдуард Жанерэ. Ён нарадзіўся ў Швейцарыі, дзе пачалося яго знаёмства з прафесіяй архітэктара. Адукацыю атрымліваў у Вене, Парыжы, Берліне, вучыўся ў вядомых архітэктараў XIX стагоддзя. Ва ўзросце 35 гадоў адкрыў уласную майстэрню ў Парыжы, дзе працаваў разам з братам.

Ле Карбюзье называюць піянерам мадэрнізму і функцыяналізму. Ён адным з першых пачаў выкарыстоўваць каркасы з жалезабетону, маштабнае шкленне фасадаў, свабодную планіроўку паверхаў і тэрасы на дахах – гэта значыць стварыў прататып сучаснай забудовы гарадоў. Будынкі па яго праектах пабудаваны на трох кантынентах у розных краінах свету: Швейцарыі, Францыі, Германіі, ЗША, Аргенціне, Японіі, Расіі, Індыі, Бразіліі. Сямнаццаць з іх з'яўляюцца аб'ектамі Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Выстава «ЛЕ КАРБЮЗЬЕ: мінскае рэха» знаёміць з праектамі вялікага архітэктара, якія ён рэалізаваў у дзвюх сваіх родных краінах: Швейцарыі, дзе ён нарадзіўся і зрабіў першыя важныя крокі ў прафесіі, і Францыі, дзе стварыў уласнае архітэктурнае бюро. Гэтыя працы Ле Карбюзье аказалі наймацнейшы ўплыў на сусветную архітэктуру – у тым ліку і на савецкую, да якой адносіцца значная частка будынкаў і збудаванняў беларускай сталіцы.

Многія з ідэй Ле Карбюзье знайшлі ўвасабленне ў мадэрнісцкай архітэктуры Мінска. Выстава прымушае па-новаму паглядзець на жылую забудову гарадскіх мікрараёнаў 1960–1980-х гг., убачыць эстэтыку і функцыянальнасць жалезабетонных канструкцый, звярнуць увагу на багацце характэрных для Ле Карбюзье прыёмаў у мінскай архітэктуры: вінтавыя лесвіцы, будынкі на апорах, стужачнае шкленне, каляровыя рашэнні фасадаў.

Выстава – гэта не толькі знаёмства з Ле Карбюзье, але і арыгінальны погляд на Мінск праз прызму знакамітых архітэктурных канцэптаў і прынцыпаў выдатнага горадабудаўніка ХХ стагоддзя.

Уваход вольны.

пл. Свабоды, 15
+375 17 270 43 66

66